Пенсiянеры вёскi Харомск перапраўляюць жывёлу цераз раку на залiўныя лугi
29 мая, 2008 в 15:13 мск. Запостил:Sepul
Пенсiянеры вёскi Харомск Столiнскага раёна з-за адсутнасцi пашы вымушаны перапраўляць жывёлу цераз раку на залiўныя лугi, а паколькi моста паблiзу няма, пераправа адбываецца вось такiм чынам. «Напэўна, апошнi год я трымаю карову, — сказаў колiшнi калгасны трактарыст, 71-гадовы Зоцiк Iгнатавiч Украiнец, вяслуючы лодку на процiлеглы бераг. — Хiба лёгка даецца нам гэтае малако?» Уладзiмiр Шпак (на першым плане фотаздымка) адгукнуўся на просьбу аднавяскоўца дапамагчы перавезцi Лыску за Гарынь. Пераправа прайшла паспяхова.

На падыходзе лета, а вада ў Гарынi сёлета вялiкая, доўга не спадае. Нават тройчы на дзень пераадолець на вёслах водную стыхiю, тым больш жанчыне, справа не з лёгкiх. I гэтак штодня. Уявiце сабе, што першая дойка тут ажно ў пяць ранiцы. Харомскiм гаспадыням, а дойка спрадвеку была iхнiм клопатам, сапраўды, не пазайздросцiш. На iх жа плячах i агароды, i хатнiя справы, i праца. Колькi часу i высiлкаў забiрае толькi адна гэтая «малочная» пераправа? Бывае па чатыры чалавекi на лодцы, па пяць i нават, па шэсць. А што рабiць, калi лодак не шмат, а плысцi трэба. Кароўкi ж чакаюць i клiчуць. Вунь i цяпер стаяць ля самай вады i гукаюць сваiх гаспадынь. «Летась у буру ледзь не перакулiлiся, вось страху было», — у адзiн голас прыгадваюць мiнулагоднiя «прыгоды» харомскiя жанчыны, ўздыхаючы з-за адсутнасцi больш-менш трывалай пераправы.
На супрацьлеглым беразе расцягнулася чарада летнiх буданоў для начнога ўтрымання жывёлы. Частка з iх не першы год пустуе. Людзям пенсiйнага ўзросту не пад сiлу гэткi экстрым, ды i лодкi цяпер ёсць не ў кожнага. А маладых такая рамантыка (цi экзотыка?) не прываблiвае. Галiна Iванаўна Каральчук, пакуль грабла, паспела расказаць, што гадоў сорак таму пагалоўе iхняй часткi вёскi пераўзыходзiла дзвесце кароў. А цяпер дваццаць ледзь набярэцца. У яе, як i ў большасцi харомскiх гаспадынь i гаспадароў, першая мара — мост праз Гарынь. Яны яшчэ не збiраюцца выправаджваць з двара сваiх кармiлiц-рагуль.
//crava
